ЦЭНТР ПАДРЫХТО́ЎКІ КАСМАНА́ЎТАЎ імя Ю.​А.​Гагарына (з 1968). Засн. ў 1960. Знаходзіцца ў Зорным гарадку. Прызначэнне — адбор і падрыхтоўка касманаўтаў да палётаў на ўсіх тыпах пілатуемых касмічных апаратаў па нац. і міжнар. касм. праграмах.

Мае вучэбна-трэніровачную (баракамеры, сурдакамеры, тэрмакамеры і інш. трэнажоры, поўнапамерныя макеты касм. караблёў і адсекаў арбітальных станцый і інш.), даследчую, лётную (самалёты і верталёты для ўдасканалення навыкаў пілатавання, мадэліравання стану бязважкасці і інш.) базы. У Цэнтры прайшлі падрыхтоўку (на 1.1.2003) больш за 300 сав. (рас.) касманаўтаў і прадстаўнікоў інш. краін (паводле праграм «Інтэркосмас», «Еўра-Мір», «Мір-НАСА», «Міжнар. касм. станцыя» і інш.), у т. л. 5 прадстаўнікоў Беларусі (У.В.Кавалёнак, П.І.Клімук, Б.М.Белавусаў, А.І.Дзядкоў і А.У.Шчукін — гл. Дадатак). Першы нач. Цэнтра — Я.​А.​Карпаў (1960—63), з 1991 — Клімук.

Літ.:

Космическая академия. М., 1987.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)